published on
тэкст
"Перадай ім, скажы там усім, што часу ўсё меней,
мы годнасць яшчэ баронім, ды жыццё выцякае са жменяў —
у бясконцыя дні, месяцы і гады. Але мы паміраем паволі.
Ты — як ліст на свабоду, жывое пасланне на волю."
Добра, рэбзі, я паспрабую данесці.
Яны робяць там нешта дзесьці,
то хіба і ня ўлезьці. Нарэсьце
іх пакрысе пачынае трэсці
праз гэтую трасцу і гэтыя песні
бяз зместу, бо іх пранесла.
Беларусь — ня мара вярнуцца ўвесну.
Беларусь — бчб-нявеста.
Там, у турме, ідзе змаганне штодня, а тут пачуццё паразы.
Я ня ведаў, ці выйду я сам, і таму адчуваю адказнасць
за тых, хто са мнОй быў, у каго забіраюць усё, а галоўнае - час.
Там ёсць страх за жыццё, ды няма баязьлівасці, як у вас.
Гэта крык у нікуды. Пакуты
іх не чутныя тут. Асабліва, пакУль ты
рыхтаваў рытуал і рабіў гэта культам,
сам сябе ратаваў ад атруты.
Гэта ўсё не туды абсалютна.
Гэта ня будзе пачутым.
Пакуль тут вы верыце ў цуды,
час мінае-ў-турме-марудна.
Пасьля вызвалення ішоў па вуліцах — яшчэ з нейкай вераю —
і ўсё такое чырвона-зялёнае і адначасова шэрае-шэрае,
нібы і само наваколле тут вымушае зрабіцца ценямі,
а тых, хто ня згодны, яно падоўгу трымае за сценамі.
Здаецца, ня думаць пра іх — і свабода. Праўда, сумнеўным коштам.
Усе хочуць жыць, я ўсіх разумею. Але вось так — навошта?
Я ведаю кошт гэтых нашых забраных і скрадзеных год.
Я ішоў, каб вас заклікаць... А куды, да чаго?
І каго?
***
Аўтары тэксту: Алесь Папковіч і рэпер Аngst; выканаўцы: Алесь Папковіч, ZHEUZHIK
Трэк "пасля вызвалення" — гэта дакументальная гісторыя былога палітзняволенага і музыкі Алеся Папковіча. За кратамі хлопец утрымліваўся амаль два гады, а цяпер праходзіць працэс адаптацыі пасля зняволення і сацыялізацыі ў эміграцыі. Пра свой складаны шлях ён распавёў з дапамогай музыкі.
Вокладка: collage-pattern