Гнеў, жах, радасць: беларусы стварылі оперу пра перажытыя эмоцыі by euroradio.fm published on 2021-09-20T10:04:55Z Беларусы стварылі эмацыйную оперу па-за гульнёй "Corporis Exercitia". Твор стаў вынікам двухтыднёвай музычна-тэатральнай арт-тэрапеўтычнай рэзідэнцыі, якую заснаваў Сяржук Доўгушаў, і ў якой сышліся музыкі, спевакі, прафесійныя і непрафесійныя акцёры, якія пацярпелі ад беларускага рэжыму. "Усё жыве асобна: рукі, ногі, сэрца, думкі, жывот. Прырода і музыка — гэта апора і аснова. Мы моцныя без зброі. Мы змагаемся не маўчаннем, а дзеяннямі і голасам", — анансуюць твор яго стваральнікі. А аўтар лібрэта Юра Дзівакоў дадае: "У нашым выпадку мы, парушаючы "правілы", будуем новыя. Назва твора — як вынік". У выніку тэрапеўтычных практык, акцёрскіх майстэрняў, рухавых і гукавых імправізацый удзельнікамі рэзідэнцыі ўзнікла авангардная міні-опера, падставай для якой сталі перажытыя і ператвораныя ў тэатральнае мастацтва эмоцыі: гнеў, радасць, жах, смутак, сорам. Эмацыйная опера — гэта 19 чалавек, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь: 5 музыкаў, 2 оперныя спевакі, 10 прафесійных акцёраў і аматараў. Гэта дыялог паміж сабой, сваімі пачуццямі і пытаннем: што нам засталося, каб адчуваць? Музыку оперы напісала Вольга Падгайская. Прэм'ера эмацыйнай оперы па-за гульнёй "Corporis Exercitia" адбудзецца 23 верасня ў 21:00 на Еўрарадыё. Падтрабязна пра оперу, яе стварэнне і арт-рэзідэнцыю ў эфіры Еўрарадыё распавядаюць Сяржук Доўгушаў і Юра Дзівакоў.